ТРУБАПРАКА́ТНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ выраб бясшвовых (без зварнога падоўжнага ці спіральнага шва) метал. труб спосабам пракаткі. Уключае транспартаванне загатовак (зліткаў) да награвальных печаў, награванне загатовак, пракатку труб, іх каліброўку, ахаладжэнне, праўку, абрэзку і інш. Асн. тэхнал. абсталяванне Т.в. — трубапракатныя агрэгаты, якія адрозніваюцца тыпаразмерам вырабляемых труб і спосабам іх пракаткі. Працэс гарачай пракаткі ўключае: прашыўку нагрэтай загатоўкі (злітка) і атрыманне таўстасценнай гільзы на прашыўных станах; раскатку гільзы да пэўнай таўшчыні сценак, дыяметра і даўжыні трубы на бесперапынным, кароткаапраўным, пілігрымавым, трохвалковым пракатных станах. Бесперапынны стан (найб. прадукцыйны) ужываецца пры пракатцы труб дыяметрам 110 мм; кароткаапраўны (аўтаматычны) — для вырабу труб дыяметрам ад 60 да 450 мм і больш; пілігрымавы — дыяметрам 400—700 мм, трохвалковы стан — таўстасценных труб дыяметрам 35—200 мм (для кольцаў падшыпнікаў качэння). Пасля раскаткі трубы калібруюцца на калібровачных станах (гл. Калібр),

ахалоджваюцца і правяцца. Трубы дыяметрам да 70 мм атрымліваюць абцісканнем гарачых трубных загатовак на рэдукцыйных станах. Для змяншэння таўшчыні сценкі і дыяметра, надання трубе больш высокіх мех. уласцівасцей, гладкай паверхні і дакладных памераў пасля гарачай пракаткі яе ставяць на станах перыяд. дзеяння, на халодную пракатку, а таксама працягваюць праз валокі валачыльнага стану. Бясшвовыя трубы ўжываюцца ў машынабудаванні, нафтаздабыўной, хім. прам-сці, у камунальнай гаспадарцы і інш. Асн. прадпрыемствамі па іх вырабе ў СНГ з’яўляюцца Перваўральскі наватрубны і Нікапальскі паўднёватрубны з-ды.

Я.​Б.​Лажэчнікаў.

т. 15, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)